З гісторыі школы
1 кастрычніка 1908г. у вёсцы Хацюхова пачало дзейнічаць сельскае аднакласнае пачатковае вучылішча. У справаздачы інспектара народных вучылішчаў 2-га ўчастка па Барысаўскаму ўезду за 1908г. ёсць інфармацыя пра Хацюхоўскае вучылішча (119, 10 – 25 адв.) .Уласнага памяшкання ў вучылішчы не было і навучанне арганізоўвалася ў прыватным доме. Настаўнікаў было двое, адзін з іх выкладаў Закон Божы (мясцовы святар). Навучэнцаў было хлопчыкаў 52 праваслаўных і 2 стараверы і дзяўчынак 7 праваслаўных. Хацюхоўскае вучылішча ўтрымлівалася на сродкі дзяржаўнай казны. Бібліятэкі пры вучылішчы не было.
З самага пачатку настаўнікам Хацюхоўскага вучылішча быў Іван Фёдаравіч Жулкевіч, селянін вёскі Баяры Лошніцкай воласці Барысаўскага ўезда, які нарадзіўся 26 верасня 1888г. Ён скончыў Барысаўскае гарадское чатырохкласнае вучылішча ў 1907г., а ў 1908г. атрымаў пасведчанне на званне настаўніка пачатковых вучылішчаў і накіраванне ў Хацюхова. 10 лютага 1913г. ажаніўся з барысаўскай мяшчанкай Любоўю Васільеўнай Лісоўскай. І. Жулкевіч настаўнічаў у Хацюхове яшчэ ў 1914 – 1916 гг.(120, 64 адв.)
З успамінаў
Першы выпускнік М.Ф. Макрыца: - Пачаткоавя школа ў вёсцы Хацюхова адчыніла дзверы восенню 1908 г. Яна называлася Хацюхоўская Народная школа Міністэрства Народнай адукацыі. Спецыяльнага школьнага будынка не было. Царскі ўрад народнай адукацыяй амаль не цікавіўся |
![]() |
![]() |
Прыйшлося заняць пад школу памяшканне ў больш заможнага селяніна. Школа займала палову дома, дзе было ўсяго тры невялікія акны. Грошы за памяшканне плаціла Земская ўправа. У гэтай школе было дзесяць парт, на кожнай сядзела па пяць-шэсць вучняў. У класе было цесна, таму на перапынку часта выходзілі на вуліцу. Зімой было холадна… |
Адзенне на нас было саматканае, на нагах – мокрыя лапці і анучы. Дзеці, якія хадзілі ў школу за тры і больш кіламетраў, часта абмарожваліся.
У школу быў прысланы настаўнік Жулкевіч Іван Фёдаравіч. Ён закончыў у горадзе Барысаве гарадское чатырохкласнае вучылішча, быў справядлівы, разумны, патрабавальны.
У 1910-11 навучальным годзе ў нашай школе было падрыхтавана пяць чалавек для здачы экзамена, у тым ліку і я. Экзамен здалі добра, за гэта наш настаўнік атрымаў удзячнасць.
Жулкевіч І.Ф. працаваў у нашай школе да 1914 года. Калі пачалася вайна, ён пайшоў на фронт. У гэтым жа годзе ў вёску Хацюхова прыехала новая настаўніца Ксенія Піліпаўна, яна працавала ў нашай школе да прыезду Міхаіла Мікалаевіча Клімковіча, які пачаў настаўнічаць з восені 1918 года.
У 1920 годзе ён арганізаваў камсамольскую ячэйку, а крыху пазней і партыйную. Клімковіч многае зрабіў для таго, каб местачковыя людзі не звязваліся з бандытамі, якія ў сваю чаргу не адзін раз рабілі замах на яго жыццё.
Быў такі выпадак: Міхаіл Мікалаевіч разам з ваеннымі арганізаваў спектакль у вёсцы Зачысце. У час пастаноўкі раптам на сцэну выбег мясцовы і закрычаў: “Камбат! Палякі наступаюць…” Прыйшлося ўсім артыстам і гледачам разбягацца ў вокны і дзверы…
Клімковіч Міхась
Міхаіл Мікалаевіч), нарадзіўся 20.11.1899года ў в.Сялітранікі былога Барысаўскага павета. Беларускі пісьменнік. У 1915 годзе скончыў Барысаўскае вышэйшае чатырохкласнае вучылішча і здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. У 1915 – 21 гг. настаўнічаў на Барысаўшчыне, у тым ліку ў Хацюхоўскай школе. З 1921 па 1923 г. служыў у Чырвонай Арміі, потым зноў працаваў настаўнікам. Некаторы час быў на партыйнай і прафсаюзнай рабоце. У 1932 – 39 гг. старшыня аргкамітэта, старшыня ПраўленняСаюза пісьменнікаў БССР. У першыя месяцы фашысцкай акупацыі цяжка захварэў, займаўся сельскай гаспадаркай. У 1943 годзе наладзіў сувязь з партызанамі з атрада “За Радзіму”, адкуль быў неўзабаве перапраўлены ў Маскву. З 1943 па 1947 г. галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве. У 1947-54гг. літкансультант, адначасова ўзначальваў камісію па рабоце з маладымі аўтарамі ў СП БССР.
Свае першыя вершы змясціў у рукапісным літаратурным часопісе “Проблескі”. У 1929 г. у альманаху “Ранне” былі надрукаваны яго першая паэма “Чатырнаццаць слуцкіх” і шэраг вершаў. Ён аўтар тэксту Дзяржаўнага гімна БССР (1944), драматычных паэм на гістарычную тэму: “Кацярына Жарнасек”(1937), “Адплата” (1945), трылогіі “Георгій Скарына” (1946-47, 1955) і інш.
М.Клімковіч з’яўляецца аўтарам лібрэта оперы “Кастусь Каліноўскі”, балета “Князь-возера”. Значны ўклад унёс у даследаванне беларускай літаратуры. Выйшлі ў друку такія яго працы, як “Літаратура Савецкай Беларусі за 15 год”(1934), “Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру” (1955), “Літаратурна-крытычныя артыкулы” (1962). Перакладаў на беларускую мову творы Л.Талстога, А.Чэхава, І.Крылова, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, літоўскіх і польскіх пісьменнікаў. Узнагароджаны медалём. Памёр 5.11.1954 года.
Нікалаёнак М.С.(нарадзіўся ў 1896 годзе), адзін з першых выпускнікоў
— Восенню 1908 года я ўпершыню сеў за школьную парту (вучыліся ў хаце Рогава Назара), наступнай зімой нас перавялі да другога жыхара – Скумса Карпа, тут я вучыўся да 1913 года. Першымі выпускнікамі школы (закончылі тры класы) былі
Нікалаёнак Міхаіл Сцяпанавіч, Макрыца Мацвей Фаміч, Нікалаёнак Барыс Сафронавіч,
Крына Мікалай Міхеевіч, Зюзін Макар.
Шэлепень М.Я., выпускнік 1934 года, былы настаўнік рускай мовы і літаратуры
— Пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў вёсцы Хацюхова была спачатку пачатковая школа. У 1930 годзе яна была рэарганізавана ў сямігадовую школу калгаснай моладзі (ШКМ).
Яна размяшчалася ў прыстасаваных будынках, а ў 1932 годзе была пабудавана школа з саламяным дахам, тут я вучыўся да 1934 года.
Дырэктарам быў Самацветаў. Вопытнымі настаўнікамі былі Хадасевіч А.Г., Конышава Н., Злоткін, Цітова Ф. У час Вялікай Айчыннай вайны школа была знішчана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Завадская М.М., першы настаўнік пасляваннага часу - Адразу пасля вызвалення, у 1944 годзе, школа пачала дзейнічаць. Спачатку я працавала настаўнікам пачатковых класаў, потым – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Працаваць было няпроста, падручнікаў не было, у каго захаваліся даваенныя, па тых і працавалі, не хапала чарніла, пісалі на газетнай паперы паміж радкоў. Класы былі вялікія, у 7 класе былі вучні па 16-17 гадоў. Вучыліся ў наёмных памяшканнях. У старэйшых класах з аднаго ўрока на другі трэба было пераходзіць з адной хаты ў другую. Са мной працавалі Ліпчонак Патап Фёдаравіч, Пугач Алена Іванаўна, Арлёнак Любоў Васільеўна. |
![]() |
Шэлепень А.В., былая настаўніца нямецкай мовы - Пасля вайны я працавала настаўнікам нямецкай мовы. Гэта была сямігадовая школа, якая размяшчалася ў прыстасаваных памяшканнях. Працавалі ў дзве змены, другая змена – пры керасінавых лямпах. Класы былі перапоўненыя, не хапала наглядных дапаможнікаў, падручнікаў, пісьмовых прыналежнасцей. Але, нягледзячы на гэта, настаўнікі працавалі добрасумленна, не шкадавалі сваіх сіл, таму і вынікі былі неблагія. З 1952 года наша школа стала сярэдняй. Першы выпуск адбыўся ў 1954 годзе. Сярэбраныя медалі атрымалі Наркевіч Р.У., Крына М.І., Шэлепень Л.М., Рамашка М., Сураўёў А.
|
![]() |
У 1966 годзе была пабудавана новая школа. Шмат год я адпрацавала разам з цудоўнымі настаўнікамі: Емельянавым І.М., Мельнікам М.К., Наркевіч Р.У., Закрэўскай Я.І., Макрыцкай Л.І., Сідарэнка Н.Д., Нікалаёнак Е.С., Шэлепнем М.Я.